Дашкольнік і мастацкая літаратура

                           

Мастацкая літаратура актыўна выкарыстоўваецца для пашырэння кругагляду дзяцей, азнаямлення з прадметамі і з’явамі прыроды, жыццём і дзейнасцю людзей. Яна дапамагае дашкольніку стварыць структуру свайго інтэлекту, устанаўліваць рознага роду сувязі: я і іншыя, я і рэчы. Яна з’яўляецца той невычэрпнай крыніцай духоўнага жыцця, адкуль дзеці атрымліваюць звесткі пра рэальнасць, якую яны яшчэ не ведаюць.

      Мэтай азнаямлення дашкольнікаў з мастацкай літаратурай, па словах С.Я.Маршака, з’яўляецца “фарміраванне будучага вялікага і таленавітага чытача, культурнага адукаванага чалавека”, таму знаёмства з творамі беларускіх пісьменнікаў, даступнымі для ўспрымання дзяцей, трэба пачынаць менавіта з дашкольнага ўзросту.

     У сучасных умовах, часта па віне дарослых, у дзяцей губляецца цікавасць да мастацкай літаратуры. Немалаважнай прычынай аслаблення ўвагі дзяцей да чытання з’яўляецца навучальная, сацыяльная занятасць ці побытавая стомленнасць бацькоў (а часта адно і другое разам). Паступова чытанне казак, вершаў, апавяданняў ў сям’і перакладаецца на тэхнічныя сродкі камунікацыі. Спачатку бацькі звяртаюцца да мультфільмаў, дзе ў вабных фарбах і наглядным руху разгортваюцца сюжэты фальклорных і літаратурных твораў. А потым прапануюць электронныя і камп’ютарныя гульні. У пэўнай ступені яны спрыяюць развіццю лагічных здольнасцяў дзяцей, але не могуць замяніць чытанне ўслых, у час якога найбольш плённа развіваюцца ў дзяцей і духоўныя, маўленчыя працэсы, і інтэлектуальныя – уяўленне, творчая фантазія. Працяглае знаходжанне з тэхнічнымі сродкамі спусташае духоўны свет дзяцей (і дарослых таксама), робіць іх раздражальнымі і агрэсіўнымі, таму зносіны з тэлепраграмамі і камп’ютарнымі гульнямі правінны быць кароткачасовымі.

      Без перабольшвання можна сказаць, што знаёмства маленькага чалавека з кнігай – гэта перш за ўсё выхаванне сэрца,  далучэння да чалавечай годнасці, да ўтоеных куткоў чалавечай душы.

     Творы славеснага мастацтва мэтанакіравана і гарманічна фарміруюць маральны і творчы патэнцыял дзяцей дашкольнага ўзросту. Мастацкі твор выступае для дзяцей і як узор маральных паводзін, скарбніца розных характараў і лёсаў, сімвал чысціні і міласэрнасці. На яго аснове ў дашкольнікаў выхоўваецца прынцыповасць, сумленнасць, сапраўдная грамадзянскасць. Дзіцячая кніга спрыяе паяўленню ў дзяцей пачуцця адказнасці: гэта клопат аб маленькіх, павага да старэйшых. Пад уплывам мастацкага твора ў дзяцей фарміруецца культура паводзін.

       Літаратурныя творы малююць перад вачыма дзяцей усю прыгажосць роднай Бацькаўшчыны, выхоўваюць пачуццё вялікай павагі і любві да яе.

      Разам з мастацкім словам уваходзіць у жыццё дзіцяці і добры мастацкі жарт. З яго дапамогай у дашкольнікаў выхоўваецца і развіваецца пачуццё гумару. На яркіх літаратурных прыкладах з дапамогай гумару дзіця хутчэй вылечваецца ад ляноты, упартасці, эгаізму.

     Разам з выхаваннем высокай мастацкасці і духоўнасці літаратурныя творы з’яўляюцца першакрыніцай навучання дашкольнікаў роднай мове. Яркія вобразы, трапныя словы і выразы мастацкай літаратуры закладваюць у дзяцей асновы любві да роднай мовы, да роднай прыроды, да свайго народу, да Айчыны. Народны пісьменнік Беларусі Якуб Колас пісаў: “Родае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акалючы свет. Таму неабходна старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць лепшыя творы беларускай літаратуры”.

Карысныя спасылкі:

"Нашія дзеткі" -партал для бацькоў-беларусаў. Кнігі, гульні, размалеўкі, самаробкі і шмат іншага

"МОВА НАНОВА"  - вывучаем беларускую мову(казкі, вершы, дзіцячыя замовы, аўдыёказкі, мульціплікацыйныя фільмы, расфарбоўкі)

"Народныя казкі для дзетак"  - праект «Народныя казкі для дзетак» — ініцыятыва ЮНІСЭФ у Беларусі

"Солнышко" - детский портал. Игры, поделки, стихи, сценарии и др.

"Лушкошко сказок" - бесплатные детские электронные книги

"kazki.by"- прыказкі, конкурсы, сцэнары, загадкі, калыханкі, прыпеўкі, вершыкі і шмат іншага для беларускіх дзетак