Дзень роднай мовы

21.02.2023

Традыцыйна ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ў нашым садку праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце. Яны былі накіраваны на папулярызацыю  і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ў дзіцячым калектыве, на  развіццё  пазнавальнай  актыўнасці  да роднай мовы і маўлення  ў розных відах дзіцячай дзейнасці,  на выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту паважлівых адносін да беларускай мовы і культуры.

 У малодшых  групах  перавага аддавалася мастацкаму слову – пацешкам, забаўлянкам, казкам, вершам. Ну, а хто ж не любіць слухаць беларускія казкі? Іх выкарыстанне спрыяе пашырэнню кругагляду дзіцяці, фарміраванню ўяўленняў пра побыт і жыццёвы ўклад беларускага народа, народныя традыцыі.

У сярэдніх і  старшых  групах прайшлі гутаркі “Мая Радзіма-Беларусь”, “21 лютага-Міжнародны дзень роднай мовы”.

Як вядома, самы любімы від дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту – гэта гульня. Развіваць маўленчыя здольнасці выхаванцаў дапамагае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе беларускіх народных рухальных і карагодных гульняў. Іх вобразы і сюжэты простыя і блізкія дзецям. Нашы выхаванцы з задавальненнем гулялі ў беларускія гульні “Гарлачык”, “Лапці” і іншыя. Не менш цікавымі  былі гульнявыя заданні, дыдактычныя гульні “Складзі арнамент”, “Адгадай па апісанні”, “Кветка Беларусі”, “Гарады Беларусі”, “Перакладчык” і іншыя. 

Для выхаванцаў старшых груп №4 і №9  прайшла квэст-гульня "Па старонках горада Маладзечна". Дзяцей чакалі заданні-выпрабаванні  на станцыях "Пазнавальная", "Спартыўная", "Музычная”, якія яны паспяхова вырашылі.

 Для законных прадстаўнікоў нашых выхаванцаў была арганізавана гульня "Беларуская мова- родная мова! ".

Выхавацелі на працягу дня стваралі вучэбна-камунікатыўныя сітуацыі для зносін дзяцей на беларускай мове. Такім чынам, беларуская мова гучала ва ўсіх узроставых групах на працягу дня. Дні роднай мовы даюць магчымасць напомніць пра тое, што мы - беларусы, а нашай роднай мовай з'яўляецца беларуская. Гэта тое невычэрпнае багацце, якое перадаецца нам з пакалення ў пакаленне і суправаджае нас усё жыццё.