Гуканне вясны

22.03.2023

Народнае свята «Гуканне вясны» ці «Сарокі» мае  старажытныя і багатыя традыцыі. Адзначалася яно ў канцы сакавіка, калі па павер’ях дзень і ноч «мераецца-раўняецца» (у дзень вясновага раўнадзенства).  Рытуалы,  звязаныя з «гуканнем» вясны, былі заснаваны на імкненні людзей  як мага хутчэй наблізіць надыход  цяпла — гэта і песні -«вяснянкі»,заклічкі, карагоды, абрадавыя гульні і танцы, у якіх людзі славілі вясну, птушак і заклікалі сонца.

Сёння ў нашым дзіцячым садку прайшла фальклорна- музычная забава «Гуканне вясны». Выхаванцы з энтузіязмам заклікалі вясну вершамі, танцамі і карагодамі. На свята завітала прыгажуня Вясна, якая прывяла, нарэшце, вясну і  цёплае сонейка. Скончылася свята упрыгожваннем  дрэў  птушачкамі, якія зрабілі дзеці сваімі рукамі  на занятках. Забава атрымалася вясёлай, дынамічнай і насычанай станоўчымі эмоцыямі.