Святкаванне Дня роднай мовы ў дзіцячым садзе

21.02.2022

Традыцыйна ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ў нашым садку праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце. Яны былі накіраваны на выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту паважлівых адносін да беларускай мовы і культуры, фарміраванне любові да сваёй Радзімы, выхаванне  патрыятызму.

Выхаванцы малодшых груп з задавальненнем слухалі пацешкі, забаўлянкі,песенькі, для якіх характэрны рытмічнасць і напеўнасць. Гэта спрыяе іх лёгкаму ўспрыманню і хуткаму запамінанню.

Вельмі любяць нашы выхаванцы сярэдніх груп адгадваць загадкі, таму ім спадабалася прымаць удзел у літаратурнай хвіліне

“ Кошык  загадак”.

Ну, а хто ж не любіць слухаць беларускія казкі? Іх выкарыстанне спрыяе пашырэнню кругагляду дзіцяці, фарміраванню ўяўленняў пра побыт і жыццёвы ўклад беларускага народа, народныя традыцыі. У сярэдніх і  старшых  групах прайшлі гутаркі “Мая Радзіма-Беларусь”, “21 лютага-Міжнародны дзень роднай мовы”.

Як вядома, самы любімы від дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту – гэта гульня. Развіваць маўленчыя здольнасці выхаванцаў дапамагае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе беларускіх народных рухальных і карагодных гульняў. Іх вобразы і сюжэты простыя і блізкія дзецям. Нашы выхаванцы з задавальненнем гулялі ў беларускія гульні “Гарлачык”, “Лапці” і іншыя. Не менш цікавымі  былі гульнявыя заданні, дыдактычныя гульні “Складзі арнамент”, “Адгадай па апісанні”, “Кветка Беларусі”, “Гарады Беларусі”, “Перакладчык” і іншыя. 

Далучэнню дзяцей да багацця беларускай мовы, фарміраванню каштоўных адносін да яе, развіццю моўных здольнасцей, выхаванню паважлівых адносін да роднай мовы садзейнічаў удзел выхаванцаў старшых груп у музычнай забаве “Мілагучная мова-родная мова!”. На свята завітала дзяўчына Васіліна.Дзеці чыталі вершы на роднай мове, з задавальненнем гулялі, адказвалі на пытанні і  адгадвалі загадкі.

Для законных прадстаўнікоў нашых выхаванцаў была арганізавана гульня "Букет родных слоў".

Мы спадзяемся, што мерапрыемствы, якія былі праведзены ў нашай установе, садзейнічалі фарміраванню ў дзяцей каштоўнага стаўлення да беларускай мовы, станоўчай матывацыі да авалодання ёю.

Фотаздымкі размешчаны ў фотагалярэі.